ЖЛО́БІНСКАЯ ІНКРУСТА́ЦЫЯ,

агульнапрынятая назва дэкар.-прыкладных вырабаў Жлобінскай фабрыкі інкрустацыі. Куфэркі, пано чорнага або карычневага колеру. аздабляюць у тэхніцы аплікацыі ўзорыстымі кампазіцыямі з залацістай ці паліхромнай саломкі. Нарэзаныя квадрацікамі, ромбікамі, прамавугольнічкамі кавалачкі разгладжаных саломінак наклейваюцца на драўляную аснову, потым вырабы пакрываюць слоем бясколернага лаку. Промысел заснаваны на мясц. нар. традыцыях аплікацыі саломкай куфэркаў, сальніц, рамак для фотаздымкаў і інш.

У пач. дзейнасці ф-кі геам. дэкор паўтараў тканыя нар. вырабы, кавалачкі саломкі фарбавалі ў розныя колеры. Пазней майстры выпрацавалі ўласны стыль аплікацыі, адмовіліся ад паліхроміі, падкрэсліваючы натуральны колер саломы. Дробнаўзорысты геам. малюнак вызначаецца гарманічным спалучэннем розных адценняў кавалачкаў саломы — ад амаль белага да светла-карычневага. Часта вырабы паводле канструкцыі і характару размяшчэння дэкору імітуюць куфры. Кампазіцыі пано адлюстроўваюць сцэнкі з жыцця, фалькл., літ. і казачныя сюжэты. Сярод майстроў М.В. і В.Н.Дзехцярэнкі, В.П.Котаў і інш.

Я.М.Сахута.

Жлобінская інкрустацыя.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)